КЛІМАТЫЧНЫЯ РЭСУРСЫ >
У сувязі з выкарыстаннем новых кліматычных норм, якія разлічаны за апошні 30-гадовы перыяд і найбольш поўна адлюстроўваюць сучаснае пацяпленне клімату, выканана ацэнка атмасфернага ўвільгатнення на тэрыторыі Беларусі ў летнія месяцы за 1991–2020 гг. з выкарыстаннем гідратэрмічнага каэфіцыента Селянінава (ГТК), індэкса засушлівасці Педзя (S) і стандартызаванага індэкса ападкаў (SPI). Па выніках даследавання ў летні перыяд 1991–2020 гг. на большай частцы Беларусі адзначана дастатковае ўвільгатненне па ГТК, слабазасушлівыя ўмовы па SPI, на палове тэрыторыі – слабая засуха па S. Па ўсіх разгледжаных індэксах атмасфернага ўвільгатнення слабазасушлівыя ўмовы сфарміраваліся ў жніўні ў паўднёвай і цэнтральнай шыротных зонах Беларусі. Вызначана паўтаральнасць засушлівых і залішне вільготных умоў па гідратэрмічным каэфіцыенце ў летнія месяцы ў перыяд пацяплення клімату. Найбольшай засушлівасцю адрозніва- ецца жнівень: на палове тэрыторыі краіны паўтаральнасць атмасфернай засухі складае 30–50 %. Залішняе ўвільгатненне часцей за ўсё адзначаецца ў ліпені, калі на большай частцы тэрыторыі паўтаральнасць залішняга ўвільгатнення складае 40–70 %. У параўнанні з перыядам 1961–1990 гг. паўтаральнасць атмасферных засух максімальна павялічваецца ў жніўні ў Брэсцкай і Гродзенскай абл. (на 16–17 %). Паўтаральнасць залішняга атмасфернага ўвільгатнення значна зніжаецца ў чэрвені ў Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абл. (на 14–19 %), у жніўні – ва ўсіх (на 12–17 %), акрамя Віцебскай. Выка- наны прагнозныя ацэнкі змянення ГТК у абласцях Беларусі ў наступны 30-гадовы перыяд пры розных сцэнарыях выкідаў парніковых газаў. Увільгатненне паменшыцца ад аптымальных да слабазасушлівых умоў у ліпені; у жніўні захаваюцца слабазасушлівыя ўмовы або сфармуюцца засушлівыя ўмовы ў паўднёвых абласцях; у чэрвені ўмовы ўвільгатнення не зменяцца і будуць аптымальнымі.
Прадстаўлены актуальныя ацэнкі сучасных і прагнозы будучых змен клімату Гомельскай вобл. Беларусі. На аснове даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі прааналізаваны трэнды змен біякліматычных параметраў розных тыпаў земляў (вегетацыйны і водны індэксы, амплітуда сутачнага хода тэмпературы, сумарнае выпарэнне і яго састаўляючыя) у межах Гомельскай вобл. за перыяд 2000–2023 гг. Паказана, што статыстычна пэўным (p < 0,05) адмоўным трэндам спектральнага воднага індэкса, які характарызуе колькасць вады ў глебе і тканках раслін, ахоплена звыш 40 % ворных зямель Гомельскай вобл. Прыкладна на 20 % ворных земель вобласці адзначаюцца статыстычна пэўныя тэндэнцыі зніжэння транспірацыі раслін і росту выпарэння з глебы. Траціна ворных зямель вобласці схільна да ўзмацнення сутачных хістанняў тэмператур (каэфіцыент трэнду да 0,3 °С/год). У супрацьлегласць гэтаму на землях вобласці са статыстычна пэўным ростам вегетацыйнага індэкса адзначаюцца зніжэнне выпарэння з паверхні глебы, рост траспірацыі расліннасці і скарачэнне сутачных хістанняў тэмпературы, што сведчыць пра перспектыўнасць укаранення метадаў агралесаводства для паляпшэння біякліматычных паказчыкаў ворных зямель на поўдні Беларусі.
БІЯЛАГІЧНЫЯ РЭСУРСЫ >
Вывучэнне трафічнага статусу і яго сувязь з асноўнымі гідраэкалагічнымі характарыстыкамі вадаёмаў праводзілі на 11 азёрах Нарачанскага рэгіёна ў 2013–2023 гг., якія ўяўляюць сабой вадаёмы ў шырокім дыяпазоне трофнасці – ад аліга-мезатрофных да высокаэўтрофных. Трафічны статус вадаёмаў ацэньвалі па індэксе трафічнага стану Карлсана (Trophy State Index, TSI). Вынікі даследаванняў паказалі, што TSI з’яўляецца адэкватным паказчыкам трафічнага статусу. Сярэднеўзважаная для ўсёй тоўшчы вады валавая першасная прадукцыя і дэструкцыя планктону дэманстравалі моцную і статыстычна значную сувязь з узроўнем трофнасці вадаёмаў, ацэненым па TSI. Адзначана моцная сувязь колькасці хларафілу з канцэнтрацыяй агульнага фосфару. Сувязь хларафілу з канцэнтрацыяй агульнага азоту значна слабей, гэта значыць у вывучаных азёрах асноўным біягенным элементам, які лімітуецца, для развіцця фітапланктону з’яўляецца фосфар. Не адзначана ніякай сувязі колькасці хларафілу і TSI з сярэдняй тэмпературай, а таксама канцэнтрацыяй растворанага кіслароду ў гіпалімніёне. Ацэнка трафічнага статусу павінна быць абавязковым элементам правядзення любых лімналагічных даследаванняў з мэтай фарміравання аб’ектыўнага ўяўлення аб стане воднага аб’екта.
Выяўлены эколага-кліматычныя фактары зніжэння ўстойлівасці хвойных парод, якія ўплываюць на скарачэнне водазабяспечанасці хвойных насаджэнняў з прычыны змены тэмпературнага і гідралагічнага рэжымаў у халодны сезон года. Паказана высокая значная адмоўная карэляцыйная залежнасць вясновага сцёку і сярэдняй тэмпературы пазавегетацыйнага перыяду. Павышэнне сярэдняй тэмпературы халоднага сезону года абумоўлівае павышаны сцёк у пазавегетацыйны перыяд і, як следства, падзенне ўзроўню грунтавых вод і нізкую вільгацезабяспечанасць дрэвавых раслін у перыяд вегетацыі. Нізкая вільгацезабяспечанасць выклікае зніжэнне ўстойлівасці хвойных насаджэнняў, прыводзіць да іх масавага ўсыхання і сукцэсійнага замяшчэння ліставымі відамі.
Прыводзяцца вынікі змены марфаметрычных, колькасных і вагавых паказчыкаў Phragmites аustralis на працягу двух вегетацыйных перыядаў у двух розных вадаёмах. Для абодвух азёр была ўстаноўлена амаль аднолькавая дынаміка змены прааналізаваных параметраў Phragmites аustralis на працягу вегетацыйнага перыяду за два гады. Для кожнага вадаёма ў 2020 і 2021 гг. была выяўлена наяўнасць двух пікаў значэнняў фітамасы, масы і даўжыні парасткаў, (першая – трэцяя дэкады ліпеня і канец жніўня – пачатак верасня). Былі ўстаноўлены больш высокія велічыні паказчыкаў фітамасы ўкосаў, масы і колькасці раслін Phragmites аustralis, а таксама дакладнае адрозненне параметраў парасткаў, якія растуць на глыбіні 0,5 м, ад паказчыкаў, характэрных для глыбіні 0,1 м. Пры аналізе ўзаемасувязяў паказчыкаў аб’екта даследавання былі атрыманы дакладныя высокія паказчыкі карэляцыі фітамасы ўкосу з масай і колькасцю раслін, а для прыросту фітамасы – высокая карэляцыйнай сувязь з паказчыкамі прыросту масы і даўжыні раслін. Таксама была ўстаноўлена дакладная высокая карэляцыя прыросту фітамасы з сярэднямесячнымі тэмпературамі.
Артыкул з’яўляецца працягам цыклу публікацый па мохападобных Палескага рэгіёна (Беларусь, Украіна, Расія). Мэта работы – выяўленне таксанамічных асаблівасцяў брыяфлоры Палесся і яе месца сярод іншых брыяфлор. У дадзенай працы прадстаўлены характарыстыкі таксанамічнага складу Палесся ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі, асобнымі раёнамі паўднёвага захаду Еўрапейскай Расіі (Маскоўская, Калужская, Тульская вобл.) і некаторымі еўрапейскімі краінамі (Венгрыя, Літва, Латвія, Украіна (Усходнія Карпаты), Славакія). Выяўлена, што найбольшае падабенства брыяфлора Палесся праяўляе з суседнімі рэгіёнамі: з брыяфлорамі Латвіі, Літвы і паўднёвага захаду Еўрапейскай Расіі, захоўваючы пры гэтым сувязі з флорамі Цэнтральнай Еўропы. Выяўлены розны ўклад кожнага таксона ў даследаваную тэрыторыю. Паказана, што своеасаблівасць тэрыторый вызначаюць прадстаўнікі сямействаў Dicranaceae, Brachytheciaceae, Orthotrichaceae, Grimmiaceae, тады як падобныя таксанамічныя катэгорыі, якія маюць шырокае распаўсюджванне, не могуць вызначаць дыферэнцыяцыю таксанамічнай структуры.
У выніку праведзеных даследаванняў у сасняках чарнічных на мінеральных і тарфяных глебах у Беларускім Паазер’і выяўлены адрозненні відавой разнастайнасці ў асамблеях жужаліц гэтых двух месцапражыванняў. Аналіз паказчыкаў α-разнастайнасці жужаліц прадэманстраваў, што відавое багацце і колькасць асобін у выбарках былі значна вышэй (р < 0,05) у біятопах з мінеральнымі глебамі. Падобную тэндэнцыю паказалі значэнні лікаў Хіла (q 1 і q 2). Вывучэнне β-разнастайнасці таксама падцвердзіла высокія значныя адрозненні (ANOSIM; R = 0,728, р = 0,007) відавога складу жужаліц ў двух тыпах месцапражыванняў саснякоў чарнічных. Больш высокая разнастайнасць цвёрдакрылых у сасняках на мінеральных глебах абумоўлена шырэйшай групай відаў з высокай адноснай колькасцю, сярод якіх Pterostichus niger, Carabus hortensis, Calathus micropterus, Carabus arvensis, Pterostichus oblongopunctatus, тады як у забалочаных сасняках чарнічных асноўная доля адноснага багацця прыпадае на два віды – Pterostichus niger (47,25%) і Carabus hortensis (29,45%), большасць іншых відаў з’яўляюцца рэдкімі. Відавая разнастайнасць жужаліц па паказчыку індэкса Шэнана мае прамую значную залежнасць (р < 0,05) ад вышыні хмызнячкоў і рН, а таксама зваротную залежнасць ад праектыўнага пакрыцця хмызнячкоў.
Адзначаны раслінныя згуртаванні, якія сустракаюцца ўздоўж паласы адводу аўтадарог Мінска і Мінскай воб., і ўмовы іх росту з улікам хімічнага забруджвання глебавага покрыва цяжкімі металамі (Cd, Co, Cu, Ni, Pb і Zn). Прыдарожныя фітацэнозы пераважна адносяцца да класаў Polygono-Poetea annuae, Artemisietea vulgaris і Molinio-Arrhenatheretea . Размеркаванне згуртаванняў у паласе адводу экспазіцый «выемка», «насып» і «нулявое становішча» мела мазаічны характар па прычыне рознай захаванасці глебавага покрыва, ступені яго эрозіі і забруджанасці, агульнага антрапагеннага ўздзеяння. Антрапагенны характар забруджвання паласы адводу (аўтатранспарт, дарожнае пакрыццё) пацвярджаецца пераважным назапашваннем цяжкіх металаў у верхнім гарызонце (0–10 см) у адрозненне ад ніжняга (10–20 см) і зніжэннем канцэнтрацыі элементаў па меры аддалення ад дарожнага палатна. На аснове адзначаных фітацэнозаў прапанаваны спіс раслін для выкарыстання ў прыдарожных травасумесях, якія валодаюць устойлівасцю да комплексу антрапагенных фактараў (эрозія, кашэнне, забруджванне цяжкімі металамі і інш.).
ГЛЕБАВА-ЗЯМЕЛЬНЫЯ РЭСУРСЫ >
На аснове распрацаванага навуковага абгрунтавання экалагічнай рэабілітацыі парушаных тарфянікаў на праектнай тэрыторыі «Паганянскае-2», размешчанай у Хойніцкім і Брагінскім раёнах Гомельскай вобласці, у адпаведнасці з будаўнічым праектам на каналах асушальнай сеткі ўзведзены каскад з 20 глухіх земляных перамычак і 2 пераліўных каменна-накідных перамычак на р. Нясвіч з перападам узроўняў вады паміж імі каля 0,3 м. Для прадухілення вынасу радые нуклідаў з забруджанай тэрыторыі, іх акумуляцыі і кансервацыі ў донных адкладах на ўчастку рэчышча р. Нясвіч уладкаваны іланазапашвальнік працягласцю каля 700 м. Выкананыя мерапрыемствы па экалагічнай рэабілітацыі парушаных тарфянікаў на праектнай тэрыторыі «Паганянскае-2» ствараюць умовы не толькі для аднаўлення біясферных функцый балот, але і забяспечваюць зніжэнне верагоднасці ўзнікнення тарфяных і лясных пажараў, гібелі лясной і балотнай расліннасці прадухіляюць залпавыя выкіды вуглякіслага газу і мінімізуюць вынас радыенуклідаў на сумежныя тэрыторыі. Работы выкананы ў рамках рэалізацыі НДДКТР «Паўторнае забалочванне забруджаных радыенуклідамі і выведзеных з выкарыстання асушаных тарфянікаў для прадухілення тарфяных пажараў і захавання біяразнастайнасці» Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021–2025 гады.
КРАТКИЕ СООБЩЕНИЯ >
Паказана працэдура правядзення дзяржаўнай экспертызы навукова-даследчых работ, якія прэтэндуюць на дзяржаўнае фінансаванне, на прыкладзе аналізу і рэзультатыўнасці работы Дзяржаўнага экспертнага савета № 10 «Прыродакарыстанне і экалогія» за 2019–2023 гг. ад моманту паступлення аб’екта экспертызы ў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь да выдачы заключэння Дзяржаўным экспертным саветам. Выказаны некаторыя прапановы па ўдасканаленні працэдуры правядзення дзяржаўнай экспертызы.