Preview

Прыродныя рэсурсы

Пашыраны пошук

Аляксандр Іванавіч Чайкоўскі

Аляксандр Іванавіч Чайкоўскі (н. 12.12.1969 г. у в. Абрамаўшчына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.) – кандыдат біялагічных навук (2010).

Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка (2001); аспірантуру НАН Беларусі (2004), пасля чаго пачаў працоўную дзейнасць у Інстытуце заалогіі (з 2007 г. ператвораны ў дзяржаўнае навукова-вытворчае аб'яднанне «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах»), дзе прайшоў шлях ад лабаранта да намесніка генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай працы. З 28 мая 2018 г. – генеральны дырэктар ДНВА «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах».

Тэма кандыдацкай дысертацыі – "Фарміраванне паразітацэнозаў вранавых птушак у натуральных і антрапагенна-трансфармаваных ландшафтах Беларусі". Навуковая дзейнасць А. І. Чайкоўскага накіравана на вывучэнне паразітацэнозаў жывёл у натуральных і трансфармаваных чалавечай дзейнасцю ландшафтах, вызначэнне заканамернасцяў дынамікі фаўны, а таксама экзагенных і эндагенных механізмаў, якія рэгулююць колькасць і распаўсюджванне небяспечных захворванняў жывёл і чалавека. Атрыманыя вынікі даследаванняў выкладзены ў больш чым 60 публікацыях, з якіх звыш 12 навуковых артыкулаў у рэцэнзуемых часопісах, 3 рэкамендацыі, вучэбны дапаможнік, патэнт.

А. І. Чайкоўскі з'яўляецца кіраўніком і выканаўцам навуковых праектаў у галіне развіцця і ўстойлівага выкарыстання асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. У рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь на 2008–2014 гг. ім распрацаваны Схема рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый мясцовага значэння Гродзенскай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абласцей на перыяд да 2023 г. Удзельнічаў у распрацоўцы нацыянальнай стратэгіі развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь да 2030 г., Схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь рэспубліканскага значэння да 2025 г., Дзяржаўнай праграмы развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь на 2015–2019 гг., нацыянальнай экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь.

А. І. Чайкоўскі – член каардынацыйнага савета праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ГЭФ ПРААН, у якасці кіраўніка выконваў шэраг мерапрыемстваў міжнародных праектаў. Уваходзіць у склад навукова-тэхнічных саветаў дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Бярэзінскі біясферны запаведнік», Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.