Preview

Прыродныя рэсурсы

Пашыраны пошук
№ 1 (2025)
Паглядзець ці загрузіць увесь выпуск PDF (Russian)

КЛІМАТЫЧНЫЯ РЭСУРСЫ

5-21 4
Анатацыя

Прадстаўлены асноўныя вынікі першых двух этапаў навукова-даследчай работы «Новае агракліматычнае раяніраванне і ацэнка агракліматычных рэсурсаў тэрыторыі Беларусі ва ўмовах змянення клімату», выкананага ў 2023–2024 гг. у рамках аднайменнага задання 1.10 Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Прыродныя рэсурсы і навакольнае асяроддзе» на 2021–2025 гг., падпраграмы «Прыродныя рэсурсы і іх рацыянальнае выкарыстанне». Выканана раяніраванне тэрыторыі па ўмовах цеплазабеспячэння (па сумах тэмператур вышэй 10 °С); дадзена ацэнка ўвільгатнення глеб (паўтаральнасць глебавых засух і значэння запасаў прадуктыўнай вільгаці ў ворным пласце глебы 0–20 см) за найбольш цёплыя дзесяцігоддзі 2000–2022 гг. Праведзены падзел тэрыторыі Беларусі на заходнюю і ўсходнюю часткі (падвобласці) па гадавой амплітудзе (24 °С) тэмператур паветра самага цёплага (ліпень) і самага халоднага (студзень) месяцаў як меры кантынентальнага клімату. Паказана дынаміка змены межаў агракліматычных абласцей за апошнія прыкладна 50 гадоў. Рост тэмпературы паветра за апошнія два дзесяцігоддзі прывёў да пашырэння на поўдні Беларускага Палесся значных плошчаў з сумамі тэмператур вышэй 2 800 °C і з’яўлення чарговай (другой па ліку) Новай агракліматычнай вобласці. Прадстаўлены значэнні найбольш значных кліматычных і агракліматычных паказчыкаў агракліматычных абласцей (па цеплазабеспячэнні, умовах увільгатнення і ўмовах перазімоўкі), разлічаныя за 2000–2022 гг. па даных пунктаў Дзяржаўнай сеткі гідраметэаралагічных назіранняў. На падставе названых паказчыкаў выканана апісанне агракліматычных абласцей і ўмоў росту сельскагаспадарчых культур на тэрыторыі Беларусі.

22-30 5
Анатацыя

На падставе феналагічных індыкатараў за трохгадовы перыяд (2021–2023 гг.) ва ўмовах Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка былі ўстаноўлены сярэднія тэрміны наступлення сезонаў і падсезонаў года, зарэгістравана іх працягласць. Былі вызначаны суадносіны тэмператур феналагічных і каляндарных сезонаў, паказана іх узаемасувязь. У 2023 г. з-за высокіх сярэдніх студзеньскіх тэмператур назіралі ранняе абуджэнне прыроды, якое выклікала хуткае развіццё раслін і больш ранняе цвіценне ляшчыны (Corylus avellana), бярозы павіслай (Betula pendula), рабіны звычайнай (Sorbus aucuparia), ліпы драбналістай (Tilia cordata) і іншых раслін, і звязанае з даўжэйшым вегетацыйным перыядам. Два сезоны года (феналагічныя і каляндарныя зіма і восень) за трохгадовы перыяд паказалі станоўчую дынаміку сярэдніх тэмператур і былі вышэйшымі за сярэднія шматгадовыя значэнні. Каляндарная вясна паказала станоўчую дынаміку, але не перавысіла тэмпературу сярэдніх шматгадовых значэнняў, а сярэдняя тэмпература каляндарнага лета зніжалася ад года да года, але была вышэйшай за сярэднія шматгадовыя значэнні. Сярэднія тэмпературы феналагічнай вясны і лета за трохгадовы перыяд былі адносна стабільнымі і не перавысілі сярэдніх тэмпературных значэнняў. Устаноўлена, што такія феналагічныя сезоны, як зіма, вясна і лета, у за паведніку пачынаюцца раней каляндарных тэрмінаў, а восень – пазней.

ГЛЕБАВА­-ЗЯМЕЛЬНЫЯ РЭСУРСЫ

31-41 1
Анатацыя

Праведзены аналіз сусветных падыходаў да комплекснай ацэнкі якасці глебавага покрыва, распрацаваны прапановы для вызначэння індэкса экалагічнай якасці глебавага покрыва Беларусі. Прапанаваны набор канкрэтных параметраў для ацэнкі ўстойлівасці глебавага покрыва, які істотна залежыць ад наяўнасці масавых даных. Прапанаваныя параметры ранжыраваны па ступені ўстойлівасці да негатыўнага ўздзеяння. Агульны прынцып ранжыравання – разбіццё на роўныя інтэрвалы ў дыяпазоне магчымых значэнняў таго ці іншага параметру, прычым па многіх паказчыках разглядаецца не сярэдняе значэнне па раёне, а доля глеб тэрыторыі з неспрыяльнымі параметрамі, індывідуальнымі для кожнай уласцівасці. Абгрунтавана мэтазгоднасць выкарыстання такіх параметраў, як наяўнасць кіслых (рН менш за 5) і шчолачных (рН больш за 7) глеб, доля глеб лёгкага грануламетрычнага складу, наяўнасць пераўвільготненых, эрадзіраваных, завалуненных, забруджаных радыецэзіем глеб, доля слабазабяспечаных гумусам, рухомымі злучэннямі фосфару і калію глеб, ураджайнасць збожжавых культур. Прапанавана формула для вызначэння зводнага індэкса якасці глеб па 12 паказчыках, па якой устаноўлены сярэднія значэнні па раёнах рэспублікі. Выяўлены высокі ўзровень геаграфічна дэтэрмінаваных адрозненняў у якасці глебавага покрыва (індэкс ад 46 у Клімавіцкім р-не да 95 у Нясвіжскім).

42-48
Анатацыя

Праведзены аналіз дынамікі, сучаснага стану і тэрытарыяльнага размеркавання забруджаных 137Cs глеб ворных і лугавых зямель. У Беларусi за пасляаварыйны перыяд у выніку натуральнага распаду радыенуклідаў плошчы зямель, забруджаных 137Cs, скараціліся на 660,2 тыс. га, або ў 1,8 раза. Істотна змяніліся суадносіны ўдзельнай вагі глеб па шчыльнасцях радыеактыўнага забруджвання. У цяперашні час доля зямель са шчыльнасцю забруджвання 1–5 Кі/км2 складае 83 %, шчыльнасцю 5–15 Кі/км2 – 16 %, шчыльнасцю 15–40 Кі/км2 – 1 %. Забруджаныя 137Cs землі са шчыльнасцю 1–40 Кі/км2 ёсць ў 55 раёнах, іх ўдзельная вага знаходзіцца ў вельмі шырокіх межах – ад менш 0,1 да 97 % ад агульнай плошчы сельскагаспадарчага землекарыстання. У 11 раёнах сканцэнтравана 88 % зямель са шчыльнасцю больш за 5 Кі/км2. Землі, забруджаныя 137Cs са шчыльнасцю 15 Кі/км2 і вышэй, сканцэнтраваны ў асноўным (76,7 %) у пяці раёнах – Добрушскім, Чачэрскім, Касцюковіцкім, Чэрыкаўскім і Веткаўскім.

БІЯЛАГІЧНЫЯ РЭСУРСЫ

49-56 1
Анатацыя

У выніку ўлікаў, якія праводзіліся ў 2018–2023 гг. па ўсёй тэрыторыі Беларусі, атрыманы даныя аб распаўсюджванні, шчыльнасці насялення і колькасці шэрагу тыповых і рэдкіх відаў птушак, якія гняздуюцца на сельскагаспадарчых землях: звычайная перапёлка (Coturnix coturnix), драч (Crex crex) і прадстаўнікі атрада ржанкападобных. Сярод даследаваных відаў самымі шматлікімі на сельскагаспадарчых землях з’яўляліся звычайная перапёлка, драч і кнігаўка (Vanellus vanellus). У якасці месцаў пражывання звычайная перапёлка выбірала пасевы крыжакветных, збожжа, люцэрны і кармавых траў; драч – разнатраўныя лугі і ўчасткі з рудэральнай расліннасцю; кнігаўка – пераважна раллю і пашы, у меншай ступені – палі збожжавых і агароднінных культур. Нягледзячы на нізкую колькасць вялікага грыцука (Limosa limosa) на сельскагаспадарчых палях, яны ўсё ж падтрымліваюць значную частку папуляцыі віду з прычыны іх вельмі вялікай плошчы. Для гнездавання від выкарыстоўвае як пасевы кармавых траваў, так і ворныя землі, занятыя яравымі культурамі, на якіх ёсць вільготныя ўчасткі. Прыводзяцца даныя аб сустрэчах малога зуйка (Charadrius dubius), бакаса (Gallinago gallinago), дупеля (Gallinago media), вялікага краншнэпа (Numenius arquata), куліка чарняка (Tringa ochropus).

57-62 1
Анатацыя

Прыведзены вынікі параўнальнага даследавання сезоннай дынамікі даступных злучэнняў азоту, фосфару і калію ў каранёвай зоне генератыўных раслін журавін буйнаплодных у рамках палявых эксперыментаў з выкарыстаннем мінеральнага Basacot Plus 6 (N15P8K12 кг/га д. в.) і айчынных біялагічных угнаенняў – азотфіксавальнага і фасфатмабілізуючага мікробнага «МаКлоР» у 5- і 10%-й канцэнтрацыях, а таксама аргана-мінеральнага ўгнаення «Экагум Комплекс» на выпрацаваных тарфянішчах верхавога тыпу ў цэнтральнай і паўночнай агракліматычных зонах рэспублікі. У першым выпадку выяўлена пэўнае падабенства ў сезонным ходзе назапашвання ў субстраце амманійнага азоту і рухомага фосфару, з аднаго боку, а таксама нітратнага азоту і абменнага калію, з другога, абумоўленае сінэргічным характарам іх спажывання з каранёвым жыўленнем і біялагічнымі асаблівасцямі развіцця доследных раслін, тады як у другім выпадку падобны сінэргізм выяўлены для даступных злучэнняў фосфару і калію. Паказана, што канфігурацыя назапашвальных крывых пажыўных элементаў у тарфяным субстраце ў асноўным характарызавалася дамінаваннем сыходных тэндэнцый да заканчэння вегетацыйнага перыяду і вызначалася відам выкарыстаных угнаен няў, геаграфічным становішчам раёна даследаванняў, генатыпам культывараў і стадыяй іх сезоннага развіцця.

63-68
Анатацыя

У нацыянальных парках Беларускага Паазер’я «Нарачанскі» і «Браслаўскія азёры» вербы белую (Salix alba L.), пяцітычынкавую (Salix pentandra L.) і ломкую (Salix fragilis L.) пашкоджваюць дзевяць фонавых ва ўмовах Беларусі відаў мініруючых і галаўтвараючых фітафагаў. Сярод іх два віды эрыяфіёідных акарыформных кляшчоў (Acari: Acariformes: Eriophyoidea), адзін від цвёрдакрылых (Insecta: Coleoptera), чатыры віды лускакрылых (Insecta: Lepidoptera) і два віды перапончатакрылых (Insecta: Hymenoptera) насякомых. Максімальнай была заселенасць галаўтвараючым кляшчом  Aculus craspedobius ліставых пласцінак вярбы белай (S. alba). Да ліку рэцэдэнтных формаў аднесены галаўтвараючы эрыяфіёідны клешч  Aculus tetanothrix і мініруючая моль  Stigmella salicis. Мініруючыя залатка  Trachys minutus, молі-стракаткі Phyllonorycter pastorella і Phyllocnistis saligna, моль Leucoptera sinuella, а таксама галаўтвараючыя сапраўдныя пільшчыкі Euura proxima і Pontania vesicator характарызаваліся нізкім або сярэднім узроўнямі заселенасці ліставых пласцінак верб. Адносная плошча пашкоджанай ліставай паверхні была максімальная для лічынак Trachys minutus.

ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ, ЭКОЛАГАБЯСПЕЧНЫЯ І РЭСУРСАЗБЕРАГАЛЬНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ

69-78 1
Анатацыя

Прадстаўлены  вынікі  вывучэння  практыкі  тэхналагічнага  нарміравання  скідаў  сцёкавых  вод,  якая ўсталявалася ў Расійскай Федэрацыі, на аснове тэхналагічных паказчыкаў найлепшых даступных тэхналогій (НДТ). Праведзены параўнальны аналіз патрабаванняў да ачысткі сцёкавых вод, якія скідаюцца з ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод населеных пунктаў (АЗСВНП) у паверхневыя водныя аб’екты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі з улікам падыходаў да нарміравання дапушчальных скідаў сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты арганізацый водаправодна-каналізацыйнай (жыллёва-камунальнай) гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Выканана ацэнка прымянімасці тэхналагічных паказчыкаў НДТ на ачышчальных збудаваннях змешаных (гарадскіх) сцёкавых вод ва ўмовах Беларусі. Сфарміраваны рэкамендацыі па ўдасканаленні iснуючых у Рэспубліцы Беларусь падыходаў да нарміравання скідаў сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты з АЗСВНП.

ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ – КІРАВАННЕ І ЭКАНОМІКА

79-88
Анатацыя

Прадстаўлена тыпалогія турысцка-рэкрэацыйнага выкарыстання прыроднага патэнцыялу, якая складаецца з трох таксонаў: “прафілюючы від – тып – падтып”, апрабацыя якой дазволіла выявіць спецыялізацыю 372 участкаў 166 рэк Беларусі для водных відаў рэкрэацыі і турызму на лакальным, рэгіянальным узроўнях і на ўзроўні краіны ў цэлым. Вынікі тыпізацыі ўчасткаў рэк паказалі, што дамінуючым тыпам турысцка-рэкрэацыйнага выкарыстання рэк з’яўляецца абмежавана-поліфункцыянальны тып (78,6 %) ва ўсіх рэгіёнах. Працэнт участкаў поліфункцыянальнага і монафункцыянальнага тыпаў ва ўсіх абласцях (акрамя Мінскай вобл.) адпавядае 10,2 і 9,9 %, а ўчасткаў рэк непрыдатнага тыпу, выяўленага ў трох абласцях (Брэсцкай, Гродзенскай, Магілёўскай), складае 1,3 %. Выяўлены заканамернасці распаўсюджвання профільных відаў, тыпаў, падтыпаў турысцка-рэкрэацыйнага выкарыстання прыроднага патэнцыялу на лакальным, рэгіянальным узроўнях і ўзроўні краіны. На лакальным узроўні дамінуюць участкі рэк з 2–3 профільнымі відамі рэкрэацыі і турызму. На рэгіянальным узроўні зафіксаваны выбарчы характар размеркавання тыпаў турысцка-рэкрэацыйнага выкарыстання, які праяўляецца ў наяўнасці ўсіх 4 тыпаў на рэках Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., 3 тыпаў (няма непрыдатнага тыпу) – у Віцебскай і Гомельскай абл., 2 тыпаў (няма непрыдатнага і монафункцыянальнага тыпаў) – у Мінскай вобл. Зафіксавана высокая варыятыўнасць колькасці падтыпаў на ўчастках рэк у абласцях: ад 18 падтыпаў у Магілёўскай вобл. да 7 – у Мінскай вобл. На ўзроўні краіны заканамернасць размеркавання тыпаў звязана з наяўнасцю двух дыяметральна супрацьлеглых тэндэнцый, якія праяўляюцца ў росце долі участкаў з прыдатным прыродным патэнцыялам пры пашырэнні колькасці відаў турысцка-рэкрэацыйнага выкарыстання ад 0 да 2–3 і ў зніжэнні ўдзельнай вагі такіх участкаў пры павелічэнні ліку відаў да 4–7.



Creative Commons License
Кантэнт даступны пад ліцэнзіяй Creative Commons Attribution 3.0 License.


ISSN 1810-9810 (Print)