КЛІМАТЫЧНЫЯ РЭСУРСЫ
Праведзена тыпізацыя цыклонаў, якія фарміруюцца ў Атлантыка-Еўрапейскім сектары і вызначаюць гідраметэаралагічныя ўмовы тэрыторыі Беларусі, зроблены разлікі характарыстык цыклонаў і іх трэндаў. Устаноўлена павелічэнне колькасці дзён з поўночна-атлантычнымі цыклонамі і нязначнае – з паўднёвымі. Улетку адзначаецца зніжэнне колькасці дзён з цыкланічнай дзейнасцю. Паказана набліжэнне траекторый цыклонаў да межаў Беларусі ўзімку, што ўзмацняе ацяпляльны ўплыў на надвор’е ў Беларусі.
ВОДНЫЯ РЭСУРСЫ
Разгледжаны пытанні, якія тычацца магчымасці выкарыстання методыкі фарміравання паказчыка па ЦУР 6.6.1 «Дынаміка змены плошчы звязаных з вадой экасістэм у Рэспубліцы Беларусь». Праведзены аналіз магчымасці прымянення міжнародных падыходаў і індыкатараў для ацэнкі дынамікі змены плошчы звязаных з вадой экасістэм у Беларусі, выяўлены катэгорыі паверхневых водных аб’ектаў, для якіх можа праводзіцца вымярэнне, ацэнена магчымасць выкарыстання базавага перыяду і наступных перыядаў вымярэнняў у Рэспубліцы Беларусь у рамках патрабаванняў міжнароднай методыкі, метад разліку і даступныя сродкі вымярэнняў. Для выканання задачы 6.6 ЦУР 6 па забеспячэнні аховы і аднаўлення звязаных з вадой экасістэм па паказчыку 6.6.1 распрацаваны праект нацыянальнай методыкі ацэнкі дынамікі змены плошчы звязаных з вадой экасістэм у Беларусі.
ГЛЕБАВА-ЗЯМЕЛЬНЫЯ РЭСУРСЫ
На аснове аналізу прац, прысвечаных пытанням геолага-эканамічнай ацэнкі агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў, і прававых нормаў выкарыстання розных відаў зямель для мэт здабычы, якія дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь, прапанаваны аўтарскі падыход да ранжыравання зямельнага фонду тэрыторыі Брэсцкай вобласці па прымальнасці да адкрытай распрацоўкі. З улікам прапанаванага падыходу выраблена аб’яднанне розных тыпаў зямель тэрыторыі доследнага рэгіёну ў групы (усяго сфармавана шэсць груп), для кожнай з якіх на аснове прымянення экспертных метадаў вылічаны вагавыя каэфіцыенты. З выкарыстаннем настольнага праграмнага пакета ArcGIS 10.5 сфармавана лічбавая растравая мадэль, якая адлюстроўвае прасторавыя асаблівасці размеркавання выдзеленых зямельных груп з разлічанымі па іх вагамі. Прапанаваны падыход да ранжыравання зямель можа быць выкарыстаны пры правядзенні даследаванняў іншых рэгіёнаў Беларусі.
БІЯЛАГІЧНЫЯ РЭСУРСЫ
Прыводзіцца зводны таксанамічны спіс дыятомавых водарасцей бентаса рознатыповых рэк Волта і Ельнянка, якія бяруць свой пачатак на тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння «Ельня». Праведзены аналіз таксанамічнай і эколага-геаграфічнай структуры дыятамавых комплексаў. Падлічаны індэкс сапробнасці (для Волты – 3,6; Ельнянкі – 1,3) і каэфіцыент фларыстычнай агульнасці Жаккара вадацёкаў – 18 %. Устаноўлена, што відавое багацце дадзеных рэк невялікае і сумарна прадстаўлена 54 відамі і ўнутрывідавымі таксонамі (для Волты – 37; Ельнянкі – 27). Атрыманыя звесткі адлюстроўваюць стан экасістэм у вадацёках з трансфармаваным і натуральным рэчышчам.
Для парадкавання велізарнай колькасці фармацэўтычных прадуктаў Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя была распрацавана анатома-тэрапеўтычна-хімічная класіфікацыя (АТХ). У сістэме АТХ актыўныя рэчывы падзляюцца на розныя групы ў залежнасці ад органа ці сістэмы, на якую яны дзейнічаюць, а таксама ад іх тэрапеўтычных, фармакалагічных і хімічных уласцівасцей. У дадзенай сістэме ўвесь лекавы сродак атрымоўвае пяціўзроўневы код, кожны знак якога вызначае яго прыналежнасць да той ці іншай групы. Класіфікацыю АТХ выкарыстоўваюць для збору і аналізу статыстычных дадзеных пра спажыванне лекавых сродкаў, стварэння інфармацыйнай базы, ацэнкі бяспекі іх ужывання, аналізу выпадкаў няправільнага прызначэння ці водпуску, стварэння рэестраў фармацэўтычных прадуктаў. У працы прыведзена АТХ класіфікацыя біялагічна актыўных рэчываў некаторых прадстаўнікоў падсямейства Катоўнікавыя сямейства Ясноткавыя.