Параўнальная ацэнка пашкоджання таполяў моллю-стракаткай Phyllonorycter populifoliella ў зялёных насаджэннях Мінска ў 2013 і 2023 гадах
Анатацыя
Па выніках абследавання ў кастрычніку 2023 г. таполяў (Populus L.) у 147 лакацыях у зялёных насаджэннях Мінска ацэнены параметры іх пашкоджання лічынкамі молі Phyllonorycter populifoliella (Treitschke, 1833). У 109 абследаваных лакацыях заселенасць мінёрам складала больш за 75 %, у 23 – ад 25 да 75 %, у 12 – не перавышала 25 %, у 3 лакацыях пашкоджанні таполяў дадзенай моллю-стракаткай не рэгістраваліся. Сярэдняя колькасць мін Ph. populifoliella на ліставых пласцінках таполі канадскай (Populus × canadensis Moench) вар’іравала ад 1,87 ± 0,25 да 17,12 ± 2,12 экз./ліст, адносная плошча пашкоджанай ліставай паверхні складала ад 9,89 ± 0,94 да 25,11 ± 3,92 %, разліковыя страты раслінамі сумарнай фотасінтэзуючай паверхні вагаліся ад 7,9 да 22,6 %. Сярэдняя колькасць мін Ph. populifoliella на ліставых пласцінках таполяў берлінскай (Populus × berolinensis K. Koch) і кітайскай (Populus simonii Carriere) вар’іравала ад 1,18 да 21,83 экз./ліст, міны займалі ад 6,00 да 39,17 % ліставай паверхні. Разліковыя страты раслінамі сумарнай фотасінтэзуючай паверхні вагаліся ад 1,2 да 38,8 %. Для большасці лакацый узроўні заселенасці і адноснай плошчы пашкоджанай ліставай паверхні, якія былі зарэгістраваны ў 2023 г., перавышалі даныя літаратуры для 2013 г., і таму ліставы мінёр Ph. populifoliella застаецца небяспечным шкоднікам таполяў у зялёных насаджэннях Мінска.
Для цытавання:
Сінчук Н.У., Буга С.У. Параўнальная ацэнка пашкоджання таполяў моллю-стракаткай Phyllonorycter populifoliella ў зялёных насаджэннях Мінска ў 2013 і 2023 гадах. Прыродныя рэсурсы. 2024;(1):57-64.
For citation:
Sinсhuk N.V., Buga S.V. Аssessment of damage of poplars by leaf miner Phyllonorycter populifoliella in green areas of Minsk in 2013 and 2023. Natural resources. 2024;(1):57-64. (In Russ.)