Навуковы часопіс «Прыродныя рэсурсы» зарэгістраваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь 16 сакавіка 2009 г. у Дзяржаўным рэестры сродкаў масавай інфармацыі за № 114. Перыядычнасць – 2 нумары ў год. Тэрыторыя распаўсюджвання – Рэспубліка Беларусь.
У часопісе публікуюцца вынікі эксперыментальных і тэарэтычных даследаванняў, якія праводзяцца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых установах і ВНУ краіны ў галіне біялагічных, геаграфічных, геолага-мінералагічных, сельскагаспадарчых, тэхнічных (геаэкалогія), эканамічных (эканоміка прыродакарыстання) навук.
Публікуюцца таксама аналітычныя агляды навуковых і навукова-тэхнічных дасягненняў па названых напрамках і іншыя матэрыялы. У рубрыцы «Навукоўцы Беларусі» часопіс адзначае юбілеі вядомых вучоных, знаёміць чытачоў з іх біяграфіяй і навуковымі працамі. Артыкулы публікуюцца на рускай, беларускай і англійскай мовах.
Часопіс уваходзіць у "Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў", уключаны ў базу дадзеных Расійскага індэкса навуковага цытавання (РІНЦ).
Часопіс унесены ў каталог падпісных выданняў Рэспублікі Беларусь: індэкс для індывідуальнай падпіскі – 01276, для ведамаснай – 012762.
Бягучы выпуск
КЛІМАТЫЧНЫЯ РЭСУРСЫ
Праведзеныаналіз дынамікі сярэднеквадратычнага адхілення (СКА) сярэднясутачнай тэмпературы паветра на тэрыторыі Беларусі ў кожны з сезонаў года з 1955 па 2022 г. Метадам спектральна-сінгулярнага аналізу выяўлена цыклічнасць у шматгадовых ваганнях СКА сярэднясутачнай тэмпературы, якая выразна назіраецца зімой і вясной (8,25 і 8,5 года адпаведна). Вызначаны ўзыходзячы трэнд зменлівасці летняй тэмпературы, асабліва з 1990-х гг., і сыходны трэнд зменлівасці вясновай тэмпературы за ўвесь разглядаемы перыяд. Разгледжаны значэннi і асаблівасці прасторавага змянення сярэднеквадратычнага адхілення сярэднясутачных тэмператур у розныя сезоны, разлічанага па даных метэастанцый для перыяду пацяплення клімату (1991–2022 гг.) і папярэдняга перыяду (1961–1990 гг.). Ва ўмовах пацяплення клімату на тэрыторыі Беларусі адзначаны памяншэнне ўнутрысезоннай зменлівасці сярэднясутачнай тэмпературы зімой і вясной і яе павелічэнне – летам і восенню. У Беларусі ў разглядаемыя 30-гадовыя перыяды СКА сярэднясутачных тэмператур павялічваецца ў субмерыдыянальным напрамку – на паўночны ўсход (зіма), а таксама на ўсход (вясна, восень). У летні сезон выяўлена прасторавая неаднастайнасць зменлівасці сярэднясутачнай тэмпературы.
БІЯЛАГІЧНЫЯ РЭСУРСЫ
Ацэнены запасы ракаў буйных вадасховішчаў басейна р. Прыпяць: Чырвонаслабадское, Лактышы, Любанскае. Максімальная варыябельнасць шчыльнасці ракаў на кантрольных кропках адзначана ў вдсх. Чырвонаслабадское. Сярэднія значэнні шчыльнасці ракаў склалі для вдсх. Чырвонаслабадское 0,087 ± 0,073 інд/м2, Лактышы – 0,053 ± 0,026 інд/м2, Любанскага – 0,039 ± 0,024 інд/м2. Адрозненні ў значэннях шчыльнасці ракаў у вадасховішчах па крытэрыю Манна–Уітні былі статыстычна нязначнымі. Сярэдняя шчыльнасць ракаў у вадасховішчах склала 0,07 ± 0,045 інд/м2, але сярэднія памеры ракаў у вадасховішчах статыстычна пэўна адрозніваліся. Доля прамысловых ракаў з даўжынёй ≥ 10,5 см аказалася высокай і вагалася ад 62,2 да 76,1 %. У буйных вадасховішчах басейна р. Прыпяць агульная колькасць ракаў можа скласцi ад 4, 2 да 18, 9 млн асобін.
Даследаванні водных цвердакрылых (Coleoptera) праводзіліся ў вясновы і восеньскі перыяды ў 1995– 2000 гг. і 2024 г. Адбор проб ажыццяўляўся стандартным гідрабіялагічным падхватнікам (25 × 25 см, 500 мкм) у прыбярэжнай частцы вадаёмаў на глыбіні да 0,5–0,7 м. Праводзіўся таксама ручны адбор проб з камянёў і іншых затопленых прадметаў у прыбярэжнай частцы вадаёмаў. Пробы фіксаваліся 70%-м растворам этылавага спірту, з наступным разборам і ідэнтыфікацыяй жывёл у лабараторных умовах. У вадаёмах Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка выяўлена 106 відаў водных цвердакрылых, якія адносяцца да 9 сямействаў: Haliplidae – 9, Noteridae – 2, Dytiscidae – 69, Gyrinidae – 7, Helophoridae – 3, Hydrochidae – 2, Hydrophilidae – 11, Hydraenidae – 2, Spercheidae – 1. Важная сістэмаўтваральная роля належыць сажалкам і часовым вадаёмам, у якіх выяўлена 66,7 % ад усіх знойдзеных відаў жукоў. Тут жа адзначана і іх найбольшая колькасць – 46,67 % ад усіх калектаваных жывёл. У буйных стаялых вадаёмах (азёры, кар’еры), рэках і каналах назіраецца меншы лік відаў і іх колькасць. Сярод водных цвердакрылых трэба адзначыць знаходку Graphoderes bilineatus (De Geer, 1774). Гэты від ахоўваецца ў Беларусі, а таксама занесены ў Еўрапейскі чырвоны спіс. Сярод калектаваных цвердакрылых у вадаёмах заказніка ахоўнымі і ўключанымі ў Чырвоныя спісы шэрагу краін Еўропы аказаўся 21 від. Рэдкія для Беларусі і Еўропы віды – Haliplus laminatus (Shaller, 1783), Agabus bifarius (Kirby, 1937) і Gyrinus suffriani Scriba, 1855. Распаўсюджванне гэтых відаў вывучана яшчэ недастаткова. Зроблена выснова аб тым, што фауна цвердакрылых у вадаёмах Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка адносна багатая і прадстаўлена рэдкімі і ахоўнымі відамі жывёл не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе.
Прыведзены даныя за 2021–2024 гг. аб фактарах, якія ўплываюць на выбар месца пражывання звычайнай перапёлкай на тэрыторыі Беларусі. Від аддае перавагу месцам з пэўнымі характарыстыкамі: вышыня расліннасці – ад 45 да 80 см, шчыльнасць яе росту – ад 148 да 532 сцёблаў/м2, доля свабоднай ад расліннасці і ападу зямлі – ад 25 да 60 %. Для перапёлак неабходная сукупнасць умоваў, пры якіх птушкі схаваныя ад драпежнікаў зверху, але маюць магчымасць узляцець, а таксама могуць вольна і хутка перамяшчацца па зямлі і знаходзіць корм. Для перапёлкі таксама мае значэнне відавы склад рудэральнай расліннасці ў пасевах сельскагаспадарчых культур – птушкі выбіраюць фітацэнозы з раслінамі роду Persicaria, насенне якіх з’яўляецца адным з важных кармавых аб’ектаў віду на тэрыторыі Беларусі.
Прыведзены даныя аб рэгістрацыі інвазіўных відаў млекакормячых на тэрыторыі Нараўлянскага ўчастка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (ПДРЭЗ). Інвазіўная тэрыяфаўна даследаванай тэрыторыі прадстаўлена дзвума відамі, зарэгістраванымі ў Беларусі: сабака янотападобны і норка амерыканская. Сабака янотападобны адзначаны амаль ва ўсіх даследаваных лакалітэтах, што гаворыць аб шырокім распаўсюджанні віда ў пазначаных межах ПДРЭЗ. Норка амерыканская рэгіструецца рэдка. Асноўныя месцы канцэнтрацыі віда прымеркаваны да прыбярэжных зон рэк і старыц, дзе яго наяўнасць адзначана ў васьмі лакалітэтах.
На падставе вынікаў шматгадовых даследаванняў прааналізаваны працэс фармавання масавай зімоўкі вялікіх белагаловых чаек у цэнтральнай частцы Беларусі ў першыя дзесяцігоддзі XXI стагоддзя. Глабальнае пацяпленне і ўзмацненне цеплавога забруджвання вадаёмаў з сярэдзіны ХХ стагоддзя забяспечылі спрыяльныя ўмовы для зімоўкі вялікіх чаек на ўчастках вадаёмаў, якія не замярзаюць. Вялікія белагаловыя чайкі сталі рэгулярна адзначацца на зімоўцы на тэрыторыі Мінска з 2006/2007 гг., паступова павялічваючы колькасць. На працягу апошніх сямі сезонаў (2018/2019–2024/2025 гг.) памер зімуючай групоўкі флуктуіраваў ад 3 да 7 тыс. асобін у залежнасці ад умоў надвор’я ў канкрэтны сезон – сярэднезімовых і студзеньскіх тэмператур. Вялікае значэнне для ўзнікнення зімоўкі меў рост гнездавой папуляцыі вялікіх белагаловых чаек, пра што сведчыць прамая карэляцыя іх зімовай колькасці ў Мінску і гнездавой колькасці ў гатаўскай калоніі, найбуйнейшай у Мінскім рэгіёне і Беларусі. Колькасць зімуючых вялікіх белагаловых чаек карэлюе таксама з колькасцю птушак, якія кормяцца ў сярэдзіне зімы на палігонах камунальных адходаў – асноўнай крыніцы іх корму ў зімовы перыяд.
Прыводзяцца звесткі аб відавым складзе лішайнікаў і блізкароднасных грыбоў дубраў Бярэзінска-Прадпалескай акругі падзоны грабава-дубава-цёмнахваёвых лясоў рэспублікі. Ліхенобіёта дуброў акругі прадстаўлена 159 відамі: 150 відаў лішайнікаў, сем відаў неліхенізаваных (Chaenothecopsis pusilla, C. pusiolla, Microcalicium disseminatum, Phaeocalicium polyporaeum, Sarea difformis, S. resinae, Stenocybe pullatula) i два лiхенафiльных (Chaenothecopsis epithallina и Stigmidium microspilum) грыбоў. Прыводзіцца субстратная і фітацэнатычная прымеркаванасці відаў, паказваюцца новыя месцы вырастання ахоўных відаў: Сеtrelia olivetorum, Chaenotheca chlorella, Cladonia caespiticia, Hypotrachyna revoluta, Lobaria pulmonaria, Parmotrema stuppeum, Peltigera horizontalis и Punctelia subrudecta. У дубровах акругі адзначана 37 індыкатарных відаў лішайнікаў і блізкароднасных грыбоў, характэрных для стараўзроставых лясоў Беларусі.
ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ, ЭКОЛАГАБЯСПЕЧНЫЯ І РЭСУРСАЗБЕРАГАЛЬНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ
Падкрэсліваецца важнасць стварэння ў тэхнагенна нагружаным гарадскім асяроддзі «садоў біяразнастайнасці» і іх значэнне ў выхаванні беражлівых адносін да натуральнай прыроды. Прыводзіцца апісанне элементаў структуры «садоў біяразнастайнасці». Адзначаецца, што сучасныя метады ландшафтнага дызайну дазваляюць ствараць вялікую колькасць варыянтаў добраўпарадкавання грамадскіх гарадскіх плошчаў. Сярод іх важнае месца займаюць абарыгенныя віды раслін, спіс якіх можа ўключаць вялікую колькасць відаў, адаптаваных да мясцовых умоў навакольнага асяроддзя. Прыводзіцца перспектыўны асартымент абарыгенных відаў флоры Беларусі для стварэння «садоў біяразнастайнасці» ў урбанізаваным асяроддзі.
У працэсе экалагічна бяспечнай утылізацыі птушынага памёту да гэтага часу недастаткова вывучана, як працягласць папярэдняга кампасціравання і склад субстрата ўплываюць на эфектыўнасць працэсу вермікампасціравання курынага памёту. Мэтай працы была комплексная ацэнка гэтых фактараў па біяэкалагічных паказчыках папуляцыі дажджавых чарвякоў Eisenia foetida (выжывальнасць і рэпрадуктыўная актыўнасць) і зменах фізіка-хімічных уласцівасцяў субстрата. Былі закладзены пяць варыянтаў субстрату (T1–T5) з розным утрыманнем курынага памёту (50–100 % масы сумесі) і структурных дабавак (салома і торф), якія сумесна падвяргалі аэробнай ферментацыі на працягу 3, 6, 9 і 12 месяцаў. З дапамогай аднафактарнага дысперсійнага аналізу (ANOVA) ацэньвалі выжывальнасць дарослых асобін, колькасць коканаў і маладых чарвякоў, а таксама дынаміку pH, вільготнасці, утрымання арганічнага рэчыва, агульнага фосфару і калію. Паказана, што па меры павелічэння працягласці папярэдняга кампастціравання і стабілізацыі фізіка-хімічных уласцівасцяў субстрата зніжаецца яго інгібіруючае дзеянне на дажджавых чарвякоў: памяншаецца смяротнасць і аднаўляюцца працэсы коканаўтварэння і выхаду моладзі. Найлепшыя паказчыкі біялагічнай актыўнасці зарэгістраваны пры 12-месячнай ферментацыі ў варыянце T2 (60 % памёту, 20 % саломы, 20 % торфу), дзе колькасць выжыўшых чарвякоў, а таксама колькасць коканаў і моладзі статыстычна (p < 0,05) значна перавышалі іншыя варыянты. Атрыманыя вынікі пацвярджаюць экалагічную мэтазгоднасць сумеснай ферментацыі курынага памёту з саломай і торфам і дазваляюць удакладніць аптымальныя тэрміны папярэдняга кампасціравання і суадносіны кампанентаў субстрата, якія забяспечваюць устойлівае праходжанне працэсу вермікампасціравання.
ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ – КІРАВАННЕ І ЭКАНОМІКА
Прыняцце рашэнняў у галіне захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці, кіравання аб’ектамі расліннага свету, уключэння іх у гаспадарчы абарот немагчыма без колькаснай і вартаснай ацэнкі іх запасаў сыравіны і сучаснага стану. Важным інструментам для рэалізацыі мер па ўстойлівым выкарыстанні раслінных рэсурсаў з’яўляецца Дзяржаўны кадастр расліннага свету Рэспублікі Беларусь, з дапамогай якога дзяржаўныя органы кіравання і нарыхтоўчыя арганізацыі атрымліваюць доступ да матэрыялаў аб стане, запасах сыравіны, нормах яе нарыхтоўкі, эканамічнай ацэнцы, неабходных для прыняцця аператыўных кіраўніцкіх рашэнняў у галіне захавання, арганізацыі рацыянальнага выкарыстання. У рамках вядзення кадастра расліннага свету вызначаны запасы сыравіны і магчымыя штогадовыя аб’ёмы нарыхтовак 73 відаў дзікарослых лекавых раслін, сыравіна якіх уключана ў Дзяржаўную фармакапею Рэспублікі Беларусь. Агульны біялагічны запас іх сыравіны складае больш за 831 тыс. т, эксплуатацыйны – больш за 385 тыс. т, магчымыя штогадовыя аб’ёмы нарыхтовак – 148 тыс. т. Паводле экспертных разлікаў, вартасная ацэнка сыравіны гэтых відаў складае больш як 4,3 млрд бел. р. У выніку аналізу атрыманых матэрыялаў выдзелены 14 перспектыўных для ўключэння ў эканамічны абарот краіны відаў шляхам павелічэння прамысловых нарыхтовак іх сыравіны.
Прадстаўлены вынікі турысцка-рэкрэацыйнай ацэнкі прыроднага патэнцыялу 372 участкаў 166 рэк Беларусі, якія адрозніваюцца па структуры тыпаў і падтыпаў прафілюючых відаў іх выкарыстання ў галіне воднай рэкрэацыі і турызму. Параўнальны аналіз прыдатных участкаў рэк у абласцях для іх турысцка-рэкрэацыйнага выкарыстання дазволіў выявіць агульную тэндэнцыю росту іх долі ў напрамку ад непрыдатнага да абмежавана-поліфункцыянальнага тыпу. Пры гэтым для ўчасткаў рэк пяці абласцей зафіксавана па 4 тыпы іх выкарыстання для воднай рэкрэацыі і турызму, у той час як для рэк сталічнага рэгіёна толькі 3 тыпы (адсутнічаюць непрыгодныя ўчасткі). Акрамя таго, устаноўлена неідэнтычнасць размеркавананя 22 падтыпаў унутры 4 тыпаў для ўчасткаў рэк у разрэзе абласцей, якая вар’іруе ад максімуму (17 падтыпаў) у Магілёўскай вобл. да мінімуму (8) у Мінскай. Выяўленыя ў выніку тыпізацыі заканамернасці і асаблівасці размяшчэння тыпаў і падтыпаў на ўчастках рэк абласцей Беларусі па профілі іх турысцка-рэкрэацыйнага выкарыстання могуць быць пакладзены ў аснову распрацоўкі рэгіянальнай стратэгіі развіцця рачнога турызму, што дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць выкарыстання рачных артэрый для задавальнення патрэб насельніцтва ў водных відах рэкрэацыі і турызму.